Вiльня — Мiнск. Фестываль аналагавай фатаграфii | Artel

23 лістапада ў 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, потым у 19:00 у галерэі-кафе «Артэль» у рамках культурнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай, у працяг цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю аднаўлення Літоўскай дзяржавы, адкрыецца выстава «Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно».
Ключавым мерапрыемствам Віленскага фестывалю з’яўляецца фотавыстава, у якой прынялі ўдзел 30 аўтараў з розных краін свету. Экспазіцыя была спецыяльна падзеленая паміж двума пляцоўкамі, каб паказаць усю разнастайнасць прац. Удзельнікаў аб’ядналі творчыя тэхналогіі фатаграфіі і святлоадчувальных матэрыялаў, а таксама ўвага да фотаадбітку як да канчатковага выніку працы фатографа. У Мінску гледачам будзе прадстаўлены вялікі спектр жанраў і тэхнік фатаграфіі – ад скульптуры і аб’ектаў да папулярных у 1970-80-х гадах эксперыментаў з фатаграфікай; ад рэпартажа да found-photography і фатаграм.

Віленскі фестываль аналагавай фатаграфіі і кіно з’явіўся з жадання куратараў вярнуць фатаграфіі належныя ёй прасторы і межы. Сёння ў масавай культуры яна трактуецца выключна як плоская 2d-выява, асноўная задача якой – прыправіць манатоннае гартанне стужкі Фэйсбуку. Хоць сацыяльныя сеткі даюць творцам вельмі хуткую рэакцыю з боку публікі, аднак гэтую сувязь аўтар-глядач цяжка назваць якаснай і глыбокай. Яна зусім не прыдатная для фатографаў і гледачоў, якія хочуць непасрэднага кантакту. Фестываль – яго ідэя і рэалізацыя – адбыўся спантанна. Фатаграфія і кіно, як медыя, ад самага свайго пачатку імкнуліся апанаваць спантаннасць, якая не ўласцівая для іншых тэхнік выяўленчага мастацтва: самы імклівы эскіз вымагае больш часу за самы няспешны здымак. Складаецца ілжывае ўражанне лёгкасці, атрыманай, дзякуючы развіццю тэхналогій, – і гэтага найбольш саромеюцца як самі фатографы, так і куратары. Яны спрабуюць дадаць сваім працам большую вагу, ствараючы вялікія, расцягнутыя ў часе і непазбежна дарагія, праекты, якія практычна немагчыма рэалізаваць без знешняй фінансавай і тэхнічнай дапамогі. Звычайна падтрымку атрымліваюць тыя праекты, якія нясуць сацыяльную або рэпутацыйную карысць. Зусім не факт, што фатаграфія абавязаная прыносіць такі плён, бо пільнае назіранне і фіксацыя асяроддзя не так часта спалучаюцца з талентамі эсэіста, філосафа або сацыяльнага крытыка.

Выстава будзе даступная наведвальнікам з 23 лістапада па 8 снежня 2018 года.
Месца правядзення:
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (вул. Някрасава, 3)
Галерэя Кафе «Артэль» (пр-т Незалежнасцi 58/1-6 (тэл. +375172760999, +375293516525), галерэя працуе з 10:00 да 19:00 штодзённа. Квiткi: 2 BYN